Аляксандр Валянцінавіч Дранец
Нарадзіўся 31 студзеня 1962 года ў вёсцы Харомск Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1987), творчыя акадэмічныя майстэрні Міністэрства культуры Беларусі (1993). Вучыўся ў А. Анікейчыка, А. Арцімовіча, З. Азгура.
Працаваў у творчай майстэрні скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР (1989–1993). Член Беларускага саюза мастакоз з 1990 года. З 1993 года выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава, з 1996 года — у Беларускай акадэміі мастацтваў. У 2004–2007 гадах — дырэктар скульптурнага камбіната ў Мінску.
Творчасці Аляксандра Дранца ўласцівы багацце пластычнай мовы, цікавасць да славутых дзеячаў беларускай гісторыі. Аляксандр Валянцінавіч гэтым талентам не абдзелены. Ён вельмі дакладна і ўмела захоўвае ўласную ідэнтычнасць у культурнай прасторы. Лаканічнасць вобразнай сістэмы яго работ ідзе ад традыцыйнай манеры народных майстроў мінулых стагоддзяў.
У 1990–1991 гадах прайшоў конкурс на стварэнне помніка Францыску Скарыне. У конкурсе прынялі ўдзел дваццаць мастакоў і аўтарскіх калектываў, а выйграў яго зусім малады на той час скульптар Алесь Дранец. Помнік быў адліты ў бронзе, завершаная манументальная выява першадрукара захоўвалася на Мінскім скульптурным камбінаце, а ўстаноўлена ў 2005 годзе перад Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Работа над вобразам Ф. Скарыны для А. В. Дранца не абмежавалася адным помнікам, ён стварае мемарыяльныя дошкі першадрукару для Народнай бібліятэкі ў Празе (Чэхія; 2001), для будынку НАН Беларусі ў Мінску.
Разам з групай архітэктараў, якую ўзначаліў Леанід Мендэлевіч Левін, з 1992 года А. В. Дранец працуе над помнікам «Князю Давыду — заснавальніку Давыд-Гарадка». Энергічны рытм у пабудове сілуэта, агульную дынаміку помніка падкрэслівае дзіда, якую трымае ў руках князь Давыд. Мастак з асаблівай дакладнасцю прапрацаваў усе дэталі, вялікую ўвагу надаў рукам, рытму складак, узору аблямоўкі на адзенні. Помнік быў адкрыты ў час святкавання 900-годдзя палескага горада (7 кастр. 2000 г.). Эстэтычная і мастацкая каштоўнасць ансамбля забудовы цэнтра Давыд-Гарадка з помнікам князю Давыду была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за 2002 год (творчая група: Л. М. Левін, А. В. Дранец, В. П. Іўлічаў, Г. Л. Левіна).
Важнай старонкай творчай біяграфіі А. В. Дранца стала і стварэнне помнікаў супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў і служачым унутраных войск, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку, у 2003 годзе ў Мінску (у суаўтарстве са скульптарам В. Антановічам) і ў 2004 годзе ў Магілёве.
Памятная дошка на капліцы ў гонар Божай Маці цалкам іншая па тэме і канцэпцыі ў параўнанні з астатнімі манументальнымі работамі А. В. Дранца, тут скульптар паспрабаваў асвоіць прастору, дзе валадараць любоў і мацярынства. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі было прымеркавана да 20-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Гэтая работа была адзначана Граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.
А. В. Дранец працуе і ў станковай скульптуры. Можна згадаць і «Сон у мармуры», і работы «В. Дунін-Марцінкевіч» (1985), «Францішак Багушэвіч», праект помніка «Элаіза Пашкевіч» (1987), дзе вызначаецца нязменная цікавасць аўтара да партрэтных вобразаў вядомых беларускіх дзеячаў культуры, «Кірыла Тураўскі», дзе скульптар спрабуе вырашыць вобраз экспрэсіўнай пластычнай мовай. Творы знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Музеі гісторыі рэлігіі ў Гродна.
Сярод іншых работ мастака: помнікі «Ненароджанаму дзіцяці» ў г. Міёры Віцебскай вобласці (1997), загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам у г. Асіповічы Магілёўскай вобласці (2009), мемарыяльны знак «Да 925-годдзя Браслава» ў г. Браславе. Ён з’яўляецца адным з аўтараў генеральнага рашэння мастацкага афармлення Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У суаўтарстве распрацоўваў для бібліятэкі экскізы манументальных пано, прысвечаных абласцям Беларусі, і двух рэльефаў на тарцовых «крылах» увахода з тэмаю славянскага і сусветнага пісьменства.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Столінскай цэнтральнай раеннай бібліятэкай. Шаламіцкая Яўгенія Аляксандраўна, галоўны бібліёграф.