Пётр Сцяпанавіч Мыслівец

Пётр Сцяпанавіч Мыслівец

Нарадзіўся 1 ліпеня 1938 г. у Драгічыне Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкай вобласці) у сям’і рабочага-цесляра. У 1945 г. пайшоў у першы клас Драгічынскай СШ № 1. Ён вельмі любіў урокі малявання ў пачатковых класах, у старэйшых — капіраваў карціны Шышкіна, Левітана, Саўрасава.
Пасля 9-га класа Пётр Мыслівец пайшоў на курсы вадзіцеляў у Пінску, стаў шафёрам-прафесіяналам. У канцы 1957 г. закончыў Драгічынскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі (СПТВ № 29), дзе набыў прафесіі трактарыста, камбайнёра, слесара. У пачатку 1958 г. з групай моладзі па камсамольскай пуцёўцы паехаў на асваенне цалінных зямель Казахстана. Працаваў на трактары, камбайне ў саўгасе «Перамога». У канцы 1959 г. быў прызваны ў Савецкую армію, служыць давялося на Далёкім Усходзе, дзе яго ўсхвалявалi таямнiчая тайга i велiчныя сопкi Сiхатэ-Алiня. Пасля дэмабiлiзацыi вярнуўся ў Драгічын, працаваў шафёрам. Купіў эцюднік, фарбы і паспрабаваў пісаць пейзаж. Так нарадзілася работа «Ля старога шлюза» (1971).
З таго часу эцюдаў з’яўлялася ўсё больш і больш, карцін таксама. Узнікла жаданне вучыцца, у 1971 г. паступіў у Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтваў імя Н. К. Крупскай на завочны факультэт жывапісу і графікі. Старанна выконваў усе заданні. Яго выкладчыкам быў выдатны жывапісец і графік Аляксей Сямёнавіч Айзэнман, які заўважыў талент беларускага студэнта і змог накіраваць яго ў адпаведнае русла. У 1977 г. Пётр Мыслівец закончыў завочны ўніверсітэт і стаў мастаком не толькі па прызванню, але і па адукацыі.
У 1972 г. у Пінску адбылася выстаўка творчасці самадзейных мастакоў Палесся, на якой аматары жывапісу і прафесійныя мастакі ўпершыню заўважылі і адзначылі пейзажныя работы Пятра Мысліўца. Драгічынскі мастак прадставіў карціны «Пара ружовых хмар» (1972), «Па-над Ясельдай» (1972), «Залатая восень» (1971). У пачатку 1973 г. гэтыя карціны П. Мысліўца экспануюцца на абласной выстаўцы ў Брэсце, затым дзве — «Пара ружовых хмар» і «Па-над Ясельдай» — у Палацы мастацтваў у Мінску. Такі заслужаны поспех акрыліў пачынаючага мастака, натхніў на новыя творчыя пошукі. Большасць карцін П. С. Мысліўца пабывала на розных абласных і рэспубліканскіх выстаўках і прынесла мастаку вядомасць. Ён прымаў удзел у выстаўцы народнай творчасці ўмельцаў Брэстчыны ў Польшчы (1976), ва Усесаюзнай выстаўцы «Слава працы» (Масква, 1987).
Галоўнай тэмай творчасці Пятра Мысліўца стала тэма зямлі. Так з’явіліся работы: «У пясчаным кар’еры», «Восеньская ралля», «Працоўныя будні», «Вясна прыспешвае хлебароба». Сюжэты абнаўлення роднага краю ўваходзяць у яго жывапісныя палотны: «На меліярацыйным аб’екце Старамлына», «Зямля Іванаўшчыны», «Балота адступіла» і інш. Знайшла адлюстраванне ў творчасці драгічынскага мастака і Вялікая Айчынная вайна: «Партызаны», «Вясна ў крэпасці», «Зямлянка» і іншыя творы. Належыць Пятру Сцяпанавічу і цэлы цыкл малюнкаў па тэме драўлянага дойлідства Драгічыншчыны, куды трапілі многія з праваслаўных храмаў раёна.
У 1995–1998 гг. Пётр Сцяпанавіч напісаў такія творы, як «Сакавік. Ціхі дзень», «Чэрвень сінявокі», «Люты. Іней», «Красавік. Прырода прабуджаецца», «Май у Пярковічах», «Жнівень. Туманы сцелюцца», «Верасень. Прыбранае поле», «Кастрычнік на Ясельдзе», «Снежань. Спораўскія балоты», «Восень у Янаве», «Вясна ў Драгічыне», «Вёсачка Залужская», «Жыта і вербы», «Старажытны Драгічын», «Хутар у лесе» і інш. Да 60-годдзя мастака 50 палотнаў размясціліся ў Драгічынскім Доме культуры.
У 2008 г. у Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла творчая вечарына «Фарбы зямлі маёй», прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння і 45-годдзю творчай дзейнасці мастака П. С. Мысліўца. Сціплы чалавек, таленавіты творца, ён на працягу ўсяго свайго свядомага жыцця найгалоўнейшай з узнагарод лічыць людскую ўдзячнасць, найвышэйшай адзнакай — людскую пахвалу. Пётр Сцяпанавіч стварыў больш за 4 тыс. эскізаў, замалёвак і карцін, сваё мастацкае прызванне бачыць у тым, каб увекавечыць для нашчадкаў выявы роднага Палесся. За гады творчых пошукаў узнагароджаны дыпломам Саюза мастакоў СССР (1987), ордэнам Прападобнага Серафіма Сароўскага (2005).
Пейзажы П. С. Мысліўца можна ўбачыць у экспазіцыях Драгічынскага ваенна-гістарычнага музея імя Д. Удовікава, музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок», Пінскага музея Беларускага Палесся, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Яны прысутнічаюць у прыватных калекцыях аматараў жывапісу Беларусі, Літвы, Украіны, Узбекістана, Бельгіі, Польшчы, ЗША. Пётр Сцяпанавіч творыць і сёння, нягледзячы на шаноўны ўзрост, праводзіць шмат часу ў сваёй майстэрні.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі