Базан Владимир Семёнович

Базан Владимир Семёнович

Уладзімір Сямёнавіч Базан нарадзіўся 7 красавіка 1956 года ў Мінску ў звычайнай беларускай сям’і, бацькі паходзілі са Случчыны. Пасля заканчэння школы працаваў слесарам на Мінскім трактарным заводзе. Скончыў мастацкі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, па размеркаванні трапіў у Брэст.

У якасці мастака Брэсцкага камбіната «Мастацтва» выканаў шэраг манументальна-дэкаратыўных прац у тэхніцы мазаіка, роспіс, зграфіта і інш., многія з іх на тэму нацыянальна-гістарычнай спадчыны Беларусі. Адна з першых работ – пано ў будынку абласной станцыі пералівання крыві (вул. Медыцынская, 2). У зале перагаворнага пункта ім зроблены выявы старажытных гербаў гарадоў Беларусі (вул. Савецкая, 33). Адна з самых значных работ Уладзіміра Базана – мазаіка «Старажытнае Бярэсце» на фасадзе ПТВ-231 дывановага аб’яднання (з 2003 г. у будынку размешчаны абласны ліцэй імя П. М. Машэрава; пр-т Машэрава, 25). У 1994 годзе быў адным з арганізатараў рэспубліканскага творчага аб’яднання мастакоў «Пагоня».

У час Перабудовы ў Брэсце пачаўся рух за беларускае нацыянальнае адраджэнне. Уладзімір Базан быў адным з першых сяброў грамадска-культурнай сябрыны «Край», лідэрам якой была Валянціна Канстанцінаўна Мароз, выкладчыца філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Сябрына «Край» у 1988–1996 гадах вяла актыўную нацыянальна-асветніцкую дзейнасць у горадзе, імкнулася пашырыць сферу ўжывання беларускай мовы, была адным з арганізатараў Брэсцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (1989).

У 1989 годзе У. С. Базан з аднадумцамі наладзіў выпуск першай брэсцкай незалежнай газеты «Шлях» (рэдактары Алесь Каско, Павал Цунік). Пасля яе афіцыйнай рэгістрацыі ў 1994 годзе з’яўляўся дырэктарам выдавецтва «Шлях».

На пачатку 1990-х гадоў У. С. Базан чытаў курс «Гісторыя беларускага выяўленчага мастацтва Беларусі» ў вячэрнім (напачатку нядзельным) ліцэі пры Брэсцкім філіяле Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра. Перадаў для бібліятэкі ліцэя шмат кніг з уласнага збору.

Уладзімір Базан быў вядомым калекцыянерам (баністыка, нумізматыка, філакартыя), прызнаным спецыялістам па баністыцы. Яго артыкулы «Баністыка» і «Боны» змешчаны ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Займаўся геральдыкай, краязнаўствам, збіраў бібліятэку, архіў. Меў дачыненне да зацвярджэння ў 1994 годзе герба Брэста: сярэбраны лук са стралой на блакiтным полі.

Удзельнік устаноўчага з’езда Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (Вільнюс; 24–25 чэрвеня 1989). У 1991 годзе У. С. Базан быў абраны старшынёй Брэсцкай абласной рады БНФ і членам Сойму БНФ. Балаціраваўся ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь і гарадскі Савет дэпутатаў.

Як грамадска-актыўны чалавек У. С. Базан стаў заснавальнікам шэрага беларускіх грамадскіх арганізацый: грамадскага аб’яднання «Стары горад» (лідары Ірына Барысаўна Лаўроўская, Ігар Бараноўскі), Рэспубліканскага фонду падтрымкі дэмакратычных рэформ імя Льва Сапегі (старшыня Брэсцкага аддзялення Генадзь Мікалаевіч Праневіч) і інш. Стаяў сярод заснавальнікаў грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце, меў адносіны да выпуску беларускай грэка-каталіцкай газеты «Царква» (рэдактар Ігар Бараноўскі).

Уладзімір Сямёнавіч Базан пасля нядоўгай хваробы заўчасна памёр 3 сакавіка 1997 года. Пахаваны на радзіме продкаў, у вёсцы Вярхуціна Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii